Родословное гнездо в Беларуси


У XVI ст. каля в. Дастоева, якая раскінулася сярод сасновых лясоў, каля невялікай рачулкі Струга пасяліліся продкі вялікага рускага пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага (1821-1881).
У 1506 г. баярын Даніла Іванавіч Іртышч (Ірцішчавіч) ад князя Фёдара Іванавіча Яраславіча атрымаў грамату на ўладанне вёскамі Дастоева, Полкацічы, якія знаходзяцца паміж рэкамі Пінай і Ясельдай.
Назва в. Дастоева становіцца радавым прозвішчам. Нашчадкі Дастаеўскіх жылі па ўсёй Беларусі, на Украіне, у Літве. Даніла Іванавіч меў сыноў Івана Данілавіча, які валодаў зямлёй у в. Ляхавічы (1522), і Сямёна Данілавіча Арцішчавіча (Ірцішчавіча), якому ў сувязі з жаніцьбай і падараваннем зямель дала пацвярджальную грамату каралева Бона.
У другой палавіне XVI ст. выразна вызначаюцца яшчэ 2 галіны роду Дастаеўскіх: мінская і валынская, а некалькі пазней і 3-я — навагрудская. Фёдар Іванавіч Дастаеўскі з валынскай галіны роду быў звязаны з вядомым рускім князем — пісьменнікам Андрэем Курбскім, які збег у Літву ад рэпрэсій Івана Грознага. Ён называв Фёдара Дастаеўскага «земяніна Пінскай хоругвіі» сваім «уполномоченным приятелем». Брат Фёдара, Стафан Іванавіч, жыў у Мінску, атрымаў прывілей ад караля Стафана Баторыя на Мінскі Вазня-сенскі праваслаўны манастыр. «... и того манастыра со всим спокойне ужывати, аж до живота своего». Зрэшты, ён нядоўга валодаў ім. Мітрапаліт кіеўскі і кашталян мінскі Ян Глябовіч скардзіўся каралю, што Дастаеўскі, будучы чалавекам свецкім і «к тому же закону не греческого», карыстаецца толькі даходамі і зусім не клапоціцца аб кіраванні манастыром: «Только они для пожытку своего тот монастыр держит, а фала божья никгды в нем водле закону греческого полнена не бывает». Пазней Стафан Дастаеўскі служыў «писарем гродским Менским».
Прадстаўніком 4-га пакалення роду Дастаеўскіх быў Пётр Дастаеўскі, маршалак Пінскага павета, член Галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Маршалкі былі кіраўнікамі дваранскага апалчэння свайго павета і іншы раз разглядалі справы, якія належала разбіраць каралеўскаму суду.
Пасля смерці Бенядзікта Пятровіча Дастаеўскага (2-я палавіна XVII ст.) па Дастоеве быў доўг 8000 злотых. У XVII ст. сярод продкаў пісьменніка былі і асобы духоўнага звання. Адзін з іх — Акіндзей Дастаеўскі — быў іераманахам Кіева-Пячэрскай лаўры. Дастаеўскія, як і большасць паўднёварускіх дваранскіх родаў, не прыняўшы каталіцтва, былі выцеснены з радоў паланізаванага дваранства ў духоўнае саслоўе.
Гісторыяй свайго роду цікавіўся і Ф.М.Дастаеўскі. Самым загадкавым для яго быў лёс мужчынскай лініі. Вось што піша ў 1897 г. у беларускае сяло Дастоева Пінскага павета жонка пісьменніка Ганна Рыгораўна Дастаеўская: «Мой покойный муж Федор Михайлович Достоевский много раз говорил мне, что его род происходит из [исторической] Литвы от Пинского маршалка Достоевского, избранного в сейм в 1598 г.». Але Г.Р.Дастаеўская мала што змагла даведацца пра гісторыю роду мужа і Дастоева ў свяшчэнніка сяла А.Кульчыцкага. Для гэтага неабходны былі спецыяльныя генеалагічныя пошукі.
Вялікі ўклад у вывучэнне роду Дастаеўскіх зрабіў унук Фёдара Міхайлавіча — Андрэй Фёдаравіч Дастаеўскі. Праз 68 гадоў пасля пісьма сваей бабулі ў Дастоева зноў сталі прыходзіць пісьмы, подпіс пад якімі не мог не хваляваць арганізатараў школьнага музея Ф.М. Дастаеўскага. У адным з іх ён пісаў: «Деревня Достоево примечательна тем, что отсюда пошел род Достоевских, давший человечеству великого русского писателя Федора Михайловича Достоевского».
Многае паспеў ажыццявіць унук Фёдара Міхайлавіча. Арганізацыя музея ў Ленінградзе, выстаўкі, кнігі, артыкулы, шматлікія кансультацыі — ва ўсё гэта Андрэй Фёдаравіч, таленавіты інжынер-канструктар, укладаў душу. «Давно рвусь на Брестчину, — пісаў ён. — Рассчитываю приблизительно через год осуществить эту поездку, чтоб на местах поработать...». Ён ужо распытваў, як дабрацца зімой да Дастоева, у які час лепш прыехаць. 18 верасня 1968 г. Андрэя Фёдаравіча не стала.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website